Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Гульні, забавы з дзецьмі ў хаце і на вуліцы

Дата: 21 февраля 2019 в 15:48, Обновлено 4 марта 2020 в 20:55

ГУЛЬНІ, ЗАБАВЫ З ДЗЕЦЬМІ Ў ХАЦЕ І НА ВУЛІЦЫ

Гуляйце з дзецьмі ў гульні і цацкі! З іх дапамогай знаёмце дзяцей з акаляючым наваколлем, хараством жывой прыроды, светам колераў, гукаў, пахаў.

Паспрабуйце здзейсніць гэта так. Да ўдзелу ў гульні запрасіце любімую цацку дзіцяці: ляльку, курачку, пеўніка, лісу, кацяня і інш.

Калі гэта лялька – дзяўчынка, то назавіце яе Аленка, Ганначка, Кацярынка, Паўлінка; калі лялька – хлопчык, то – Алесік, Рыгорка, Кастусёк; калі курачка, то- курачка-сакатушка, курачка-чубатка; калі певень, то – пеўнік – залаты грабеньчык, певень-чабятух; калі ліса, то – лісічка-сястрычка, лісічка-хітрычка; калі каток, то – каток-залаты лабок, коця-варкоця і г.д.

Засвойвайце правілы паводзін дзяцей, вучыце ветлівым адносінам з дапамогай цацачных сяброў.

Узор:

Матуля. Алесік, добрай раніцы! 

 Алесік. Добрай раніцы, мамачка!   

 Матуля. Уставай хутчэй, да цябе прыйшла сяброўка – Паўлінка. Прывітайся з ёю.                                 

Алесік. Добрай раніцы!

Ролю Паўлінкі выконвае маці.

Маці можа пазнаёміць дзіця не толькі з тымі лялькамі, якіх дзіця надзяляе станоўчымі якасцямі, але ж і з тымі, якія дрэнна сябе паводзяць, не слухаюцца дарослых, не хочуць есці, дрэнна спяць. Звычайна такіх дзяцей дражняць “Насупа”, “Румза”, “Задавака”, “Нехаць”, “Задзіра” і інш.

Узор:                         

  У забаве, у гульні                                                                                                                                               

Плаксу пальцам не крані,                                                                                                                                   

Хай адна спявае, скача,                                                                                                                                        

Хай сама з сабою плача.

Маці пытаецца ў дзіцяці: “Ці добра робіць Янка? Чаму яна плача? Ці падабаецца табе Янка?”

Храбры заяц

Жыў-быў заяц, выхваляўся:                                                                                                                                   

 Я ніколі не баяўся                                                                                                                                                   

 І нікога не баюся,                                                                                                                                           

Захачу, з ваўком паб’юся.                                                                                                                             

Выхваляўся ён без меры.                                                                                                                                         

 У храбрасць зайца сталі верыць,                                                                                                                         

 Усе яго абходзяць бокам…                                                                                                                                   

Раптам ён сустрэўся з воўкам.                                                                                                                                   

І пусціўся без аглядкі,                                                                                                                             

 Замільгалі толькі пяткі…

У мяне знаёмы Вова,                                                                                                                                             

Ён храбрэц, але на… словах.

Маці пытаецца ў дзіцяці: “Скажы, храбры быў гэты заяц?”, “А чаму ён выхваляўся?”

Любімая лялька можа распачаць гульню з загадкі, з лічылкі.

Узор:

Лялька-пеўнік пытаецца ў дзіцяці: “Адгадай, хто гэта – хвост з узорамі, боты са шпорамі, раніцою ўстае, гучна песні пяе?”.   

Малы: Не ведаю.     

Лялька-пеўнік. Гэта ж я. Адгадай яшчэ адну загадку. Усіх буджу, хоць без гадзінніка хаджу. 

 Малы. Пеўнік, так? 

Лялька-пеўнік. Так-так.

Лялька (любімая жывёліна, кніжка, машынка і іншая цацка) можа быць вядучай удзельніцай гульні ў хатніх умовах. Так, як, напрыклад, у гульні “Палачка-шукалачка”.

Узор:

Галоўны гулец у гульні “Палачка-шукалачка”- шукальнік. Калі тата, ці мама, ці хто-небудзь іншы з гульцоў схаваюцца, лялька-шукальніца стукае палачкай і голасна гаворыць:

  Палачка-шукалачка,                                                                                                                                               

 Я іду шукаць,                                                                                                                                                            

Каго я першага знайду,

Таго за палачкай пашлю.

Той, каго знайшлі першым, становіцца шукальнікам. Ляльку-шукальніцу можа вадзіць хто-небудзь з бацькоў ці брат (сястра).

Гульні для дзяцей малодшага ўзросту

У МЯДЗВЕДЗЯ НА БАРУ

Мэта: вызваць радасны настрой, развіваць вытрымку, спрыт

Апісанне гульні. Дарослы запрашае дзяцей схадзіць у лес па грыбы ды  ягады, чытае верш П.Глебкі і адначасова паказвае малюнкі тых ягад, што называюцца ў вершы.

А што за ягады лясныя ў нас адразу зацвілі,     

 Як толькі промні веснавыя цяпло разнеслі па зямлі! 

Спачатку сочныя суніцы заружавелі па лясах,     

За імі следам і чарніцы закрасавалі ў верасах.         

 Цяпер салодкія маліны свае галовы хіляць ніц,     

 І ўсе сухія баравіны пакрыты завяззю брусніц.

Дарослы папярэджвае дзяцей, каб тыя сцерагліся мядзведзя ў лесе. Выбіраюць па лічылцы мядзведзя. Ён садзіцца воддаль ад дзяцей. Дзеці ідуць нагінаючыся, “збіраюць” ягады, грыбы, адначасова спяваюць:

  У мядзведзя на бару грыбы, ягады бяру,   

А мядзведзь не спіць і на нас вурчыць.

Пасля апошняга слова “вурчыць” з рыканнем выбягае мядзведзь і ловіць дзяцей. Каго схапіў – той мядзведзь.

ДОЖДЖЫК

Мэта: выклікаць радасць, развіць спрыт, удасканальваць навыкі хуткага бегу.

Апісанне гульні. Дарослы весела кліча:

Ідзі, ідзі дожджыку, звару табе боршчыку,     

 Пастаўлю пад елкаю, накрыю талеркаю, 

Сама пакаштую, цябе пачастую.

Выбіраюць дожджыка. Ён стаіць, а дзеці скачуць вакол і дражняць:

Буль-буль-буль, буль-буль-буль, 

 Не баімся кропляў-куль.   

Будзе чысты дождж ісці,         

 Будзем мы хутчэй расці.

Дзеці ўцякаюць, а дожджык бегае за імі і дакранаецца цэлафанавымі стужачкамі, якія трымае ў руках, да тых, каго дагоніць. Дзіця, якога дожджык дакрануўся, выбывае з гульні. Дожджык павінен дагнаць усіх удзельнікаў гульні.

ХІТРЫЯ МЫШЫ

Мэта: развіваць увагу, асцярожнасць, вытрымку, успрымальнасць.                                                     

 Апісанне гульні. Дарослы загадвае загадку:

Маленькі шарык пад лаўкай ляжыць, 

Збірае крошкі, баіцца кошкі.

Ката выбіраюць па лічылцы:

Раз, два, тры, чатыры, 

 Ката грамаце вучылі: 

 Не чытаць, не пісаць, 

 А за мышкамі скакаць.

Кот становіцца на невялікай адлегласці ад дзяцей, заплюшчвае вочы, нібыта спіць.                                 

Мышы скачуць і дражняць ката:

Тра-та-та, тра-та-та, 

 Не баімся мы ката!

Дражнілка паўтараецца да таго часу, пакуль кот, які спачатку драмаў, пачне падкрадацца. Як толькі кот скокне, мышы заміраюць на месцы. Кот пахаджвае і выглядае. Калі хто зварухнецца, цягне да сябе. Гульня працягваецца, пакуль кот не пераловіць усіх мышэй.

Гульні для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту

ХВОРЫ ВЕРАБЕЙ

Мэта: фарміраваць адмоўныя адносіны да несумленных учынкаў.

Апісанне гульні. Дзеці бяруць сабе назвы птушак – верабей, сава, сініца, кулік і г.д. Гулец, які імітуе вераб’я кладзецца і робіць выгляд, што захварэў. Каля вераб’я увіхаецца сава. Да савы падыходзіць сініца і пытаецца, ці дома верабей, што ў яго баліць, чаму ён захварэў і г.д. Сініца раіць саве схадзіць у агарод, сарваць траўкі-грэкі, папарыць вераб’ю плечкі, але ж яго пара не бярэ, толькі гарачкі прыдае. Сінічка адыходзіць, да савы падыходзяць усе птушкі і пытаюцца: “Ці дома верабей”. – “Дома”. – “Што ён робіць”. – “Па двары шнырыць, крошкі збірае, дадому не ідзе, каноплі крадзе”. Пачуўшы гэтыя словы, верабей уцякае, а дзеці гоняцца за ім, стараюцца злавіць вераб’я. Па правілах гульні верабей можа схавацца толькі ў доме савы.

У  ГАРЛАЧЫКІ

Мэта: фарміраваць пачуцці адказнасці за справы і ўчынкі.

Апісанне гульні. Дзеці выбіраюць матку і ката. Потым усе садзяцца на зямлю, а матка гаворыць кату: “Глядзі ж кот, я пайду ў поле на работу, а ты вартуй тут гарлачыкі, каб ніхто не перакуліў”.

Матка адыходзіць, а кот абыходзіць сядзячых дзяцей і гаворыць на аднаго: “Гэта смятанка!”, на другога: “Гэта сыроватка!”, на трэцяга: “Гэта тваражок!” і г.д. І пачынае перакульваць. У гэты час прыходзіць матка, бачыць перакуленыя гарлачыкі і ловіць ката. Калі зловіць, карае яго: “Не чапай смятанкі! Не бі гарлачыкі!”. Кот стараецца вырвацца і ўцячы.

ІВАНКА

Мэта: развіваць спрытнасць, хуткасць бегу, рух.

Апісанне гульні. “Іванка”- гэта лялька або які-небудзь прадмет (мяч, кубік, скакалка і г.д.). На зямлі чэрцяць круг дыяметрам 5-6м – “лес”, а ў сярэдзіне круга квадрацік – “дом лесавіка”. У квадрацік змяшчаюць “Іванку” і выбіраюць “лесавіка”. Астатнія удзельнікі гульні – “лебедзі”. “Лебедзі”, залятаючы ў “лес”, спрабуюць забраць “Іванку”, а “лесавік” – злавіць “лебедзя” рукой або дакрануцца да яго галінкай. “Лебедзь”, якому ўдасца вынесці з “лесу” “Іванку”, сам становіцца “лесавіком”, і гульня пачынаецца спачатку. Злоўленыя “лебедзі” выбываюць з гульні.

Гульня заканчваецца па жаданню ігракоў або калі будуць злоўлены ўсе “лебедзі”.

“Лесавік” не мае права выходзіць з “лесу” і павінен весь час стаяць каля свайго “дома”, а “лебедзь”, падхапіўшы “Іванку”, - перадаваць яго іншым.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.